Форум фотографов.
https://forum.znyata.com/

БЕЛАРУСЬ: Храмы и Люди


https://forum.znyata.com/viewtopic.php?f=12&t=868
Страница 1 из 1

Sergey Mikhalenko [ 16 май, 06 1:49 ]
БЕЛАРУСЬ: Храмы и Люди

галерэя вiзуальных мастацтвау NOVA
Цэнтральнай публiчнай бiблiятэкi iмя Янкi Купалы

прадстауляе выставачны праект

БЕЛАРУСЬ: ХРАМЫ I ЛЮДЗI.
Фатаграфii пачатку 20 ст. са зборау Цэнтральнай навуковай бiблiятэкi iмя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэмiiнавук Беларусi.

Выстава працуе з 15 мая да 30 чэрвеня 2006 г.

Изображение

Галерэя візуальных мастацтваў NOVA Цэнтральнай публічнай бібліятэкі імя Янкі Купалы сумесна з Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі запрашаюць наведаць экспазіцыю “Беларусь: храмы і людзі”, якую складаюць копіі фотаздымкаў хрысціянскай архітэктуры Беларусі, зробленых на пачатку ХХ стагоддзя.

Некалькі сотняў арыгінальных фатаграфій з выявамі беларускіх праваслаўных і каталіцкіх храмаў захоўваюцца ў калекцыі рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі ўжо не першы год. Аднак гэтыя унікальныя здымкі, якія з’яўляюцца адметнай і важкай часткай беларускай фатаграфічнай спадчыны, па сённяшні дзень мала вядомыя фатаграфічнай супольнасці Беларусі і практычна не ўведзены ў навукава-мастацкі кантэкст. Дакладна не вызначаны ні прозвішча аўтара гэтага збору (а магчыма і некалькіх аўтараў), ні час правядзення здымкаў.

Некалькі год таму Анатоль Кулагін выдаў фотаальбом “Хрысціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак ХХ
стагоддзя”, перадрукаваўшы частку фатаграфій з бібліятэчнай калекцыі з кароткімі апісаннямі храмаў і звесткамі пра іх сённяшні
стан. Аўтар гэтага выдання называе імя аўтара фотаздымкаў, праўда, ніяк не абгрунтоўвае вынік сваіх здагадак. Насамрэч, кніга не
згадвае ні гадоў жыцця меркаванага аўтара фатаграфій, ні дакладных фактаў ягонай біяграфіі…

Прозвішча Балзункевіч (як і яго спаланізаваны варыянт Бальзункевіч) вельмі рэдкае. Мне, прынамсі, не ўдалося знайсці ніводнай спасылкі ў польскамоўным інтэрнэце на падобнае прозвішча. Уявіць сабе, што аўтар такіх высакаякасных фотоздымкаў “крэсаў усходніх” не быў бы прадстаўлены ў польскім інтэрнэце, проста немажліва! А вось прозвішча Бальзукевіч сустракаецца нават у Беларускай энцыклапедыі. Беларускі скульптар Баляслаў Вінцэнтавіч Бальзукевіч (1879-1935) вучыўся ў Вільні, Парыжы і Кракаве, працаваў у Вільні, Пецербургу і Парыжы, потым, пасля ўтварэння БССР, зноў у Вільні. Але ж ніякіх звестак пра ягоную сувязь з фатаграфіяй нідзе не сустракаецца…

На вялікі жаль, фатаграфічныя адбіткі з калекцыі адзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа
Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі не маюць ні аўтарскага кляйма, ні аўтарскага подпісу, што было агульнапрынятай практыкай
у тыя гады. Яны ўтрымліваюць толькі надпісы назваў мясцовасцяў і назвы сфатаграфаваных храмаў, што былі зроблены на адваротным баку фотаадбіткаў, а таксама на паверхні саміх шкляных фотапласцінак, з якіх друкаваліся фатаграфіі. Верагодна, што гэтыя надпісы часцей на польскай і зрэдку на расейскай мовах зроблены не аўтарам (аўтарамі) здымкаў, а супрацоўнікамі нейкай рэлігійнай або дзяржаўнай установы, дзе раней і захоўвалася гэтая калекцыя фотаздымкаў.

На карысць меркавання, што аўтараў гэтага збору магло быць і некалькі, кажуць розныя манеры рэтушы на розных здымках і розны
характар фатаграфічнай выявы, што магло быць абумоўлена выкарыстаннем не адной і той жа, а некалькіх розных фотакамер з
оптыкай рознай якасці. Цалкам верагодна, што дарагія ў тыя часы фотакамеры маглі належыць не аднаму і таму ж гаспадару.

Уражвае не толькі якасць захаваных фотаадбіткаў і высокі прафесіянальны характар фатаграфій, але і сама геаграфія фотаздымкаў: без увагі вандруючых фатографаў-даследчыкаў не застаўся практычна ніводны павет тагачаснай Беларусі. Ці пад сілу было гэта зрабіць аднаму чалавеку ў часы, калі самаход і чыгунка былі яшчэ раскошай, а не звычайнымі сродкамі перамяшчэння?

Выстава “Беларусь: храмы і людзі” ў галерэі NOVA робіць акцэнт не столькі на самі сакральныя помнікі Беларусі і іхны стан у тыя часы (а гэтыя фотаздымкі , сапраўды, даюць шмат інфармацыі для аналіза складанага поліканфесіянальнага жыцця нашай краіны ў складзе царскай Расіі), колькі спрабуе наблізіць да сучаснага гледача постаці і нават твары простых людзей тагачаснай Беларусі.

Асобныя фотаздымкі прыцягваюць увагу не толькі дасканаласцю або, наадварот, нязграбнасцю шматкроць перабудаваных
архітэктурных помнікаў, але і складанымі шматлюднымі мізансцэнамі, калі фатаграфуецца ўся грамада пад час аднаўленчых работ у храмах. Адначасова зафіксаваць на фатаграфіі постаці дзесяткаў людзей для фатографа пачатку ХХ стагоддзя было задачай далёка не лёгкай... Таму гэтыя здымкі, часта тэхнічна не вельмі дасканалыя, маюць для нас найвялікшую каштоўнасць: яны дакладна дэманструюць сацыяльны ўклад грамадства.

Вядома, тэхнічныя сродкі вандроўнага фатографа пачатку мінулага стагоддзя не дазвалялі партрэтаваць буйным планам людзей, якія збіраліся перад храмам падчас здымкі адметнай падзеі ў жыцці як маленькай вёскі, так і павятовага мястэчка. Аднак сучасная лічбавая тэхніка рэпрадукцыі дазваляе вылучыць з “візуальнага рэчыва” асобных фатаграфій жывы “чалавечы элемент”, наблізіць амаль фізічна гэтых людзей да нас. І сёння мы можам зазірнуць у твары ўсхваляваных, узрушаных адказнасцю моманта вяскоўцаў і гараджан, галоўнай мэтай з’яўлення якіх на многіх з гэтых фатаграфій было, верагодна, толькі адно: быць мерай вышыні
сфатаграфаванага за імі храма…

Неверагодна, але адказ на пытанне пра аўтарства гэтых фотаздымкаў, захоўваецца ў саміх здымках. На адной з фатаграфій, зробленых у Гродне, мы бачым чалавека, што выходзіць з драўлянай хаты без вокнаў (тагачасны “цёмны пакой”?), трымаючы ў руцэ ні што іншае, як негатыўную рамку для фотакамеры. Гэтую рэч удалося ідэнтыфікаваць зноў жа дзякуючы сучасным лічбавым сродкам апрацоўкі выяваў. Хто гэты чалавек? Сам фатограф або ягоны памочнік? На некалькіх іншых здымках трапляе ў кадр і нават робіцца актыўным элементам кампазіцыі шчыльна экіпіраваная павозка з вазаком. Ці не на ёй вандраваў фатограф з усімі неабходнымі прыстасаваннямі для фотаздымкі (часы партатыўных фотакамер “Кодак” і фатаграфічнай рулоннай стужкі яшчэ не надыйшлі!)? Яшчэ адзін здымак утрымлівае ледзь не ў самым цэнтры кампазіцыі забыты фатографам куфар!

Адзнакі аўтарскай прысутнасці можна знайсці і ў іншых фатаграфіях. Але ж яны па-ранейшаму захоўваюць сваё містычнае маўчанне і ўсё яшчэ чакаюць сваіх больш пільных і больш дасведчаных даследчыкаў знаўцаў складанай беларускай гісторыі, тых, хто сапраўды здолеў бы расшыфраваць шматлікія “белыя плямы” ў ненапісанай пакуль што гісторыі беларускай фатаграфіі…


Уладзімір Парфянок,
куратар галерэі NOVA, кіраўнік выставачна-даследніцкага праекта
“Старонкі гісторыі беларускай фатаграфіі”


БЕЛАРУСЬ: Храмы и Люди